Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць родная мова, на якой ён размаўляе з блізкімі, сябрамі, знаёмымі. Для нас, беларусаў, роднай мовай з’яўляецца беларуская. Штогод 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў нашым каледжы праходзяць мерапрыемствы, якія дапамагаюць як навучэнцам, так і педагогам акунуцца ў чароўны свет беларускага слова, паслухаць, як гучыць яно не толькі на ўроках мовы і літаратуры.
Пазітыўна і натхнёна прайшоў Дзень роднай мовы і ў гэтым годзе. Мы паспрабавалі напоўніць яго цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца роднай культурай.
Каб стварыць спрыяльную атмасферу, у фае гучала музыка беларускіх кампазітараў, а каля тэматычных фотазон маглі зрабіць здымкі ўсе жадаючыя. На першым паверсе была арганізавана выстава беларускіх тавараў, праводзіліся майстар-класы ў розных накірунках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У актавай зале праходзіў конкурс чытальнікаў і святочны канцэрт, які падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Многія выкладчыкі вырашылі праверыць сваё веданне беларускай мовы і напісалі дыктант “Ганарымся Бацькаўшчынай”, тым самым далучыліся да свята і выказалі павагу мілагучнаму беларускаму слову.
На занятках па гісторыі навучэнцы знаёміліся з антычнымі фразеалагізмамі, будучыя аператары ЭВМ разгадвалі беларускія загадкі, а на занятках па матэматыцы праводзілі конкурс “Шыфравальшчык”, дзе трэба было ўзнавіць пажаданне Кузьмы Чорнага.
У этнаграфічным музеі М.П.Чэх праводзіў заняткі па народных мастацкіх промыслах “Беларускія народныя рамёствы і іх сувязь з мовай беларуса-продка”. Выхаваўчую гадзіну “Гімн роднай мове” ў бібліятэцы правяла В.І.Талпыга.
Супрацоўнікі сацыяльнай службы таксама не пакінулі без увагі наша мерапрыемства. У гэты дзень разам з навучэнцамі яны правялі гульню-конкурс “Пагуляем у роднае слова”.
У час перапынкаў для навучэнцаў былі арганізаваны лінгвістычныя конкурсы, дзе актыўныя ўдзельнікі атрымлівалі медалі, якія пасля можна было абмяняць як на добрую адзнаку па гуманітарных прадметах, так і на дранікі ў сталовай.
Увазе ўсіх жадаючых быў прадстаўлены шырокі выбар сувенірнай прадукцыі ад таленавітых вытворцаў каледжа. У нашай “Галерэі рамёстваў” можна было знайсці лепшыя падарункі на любы густ.
Непасрэдны ўдзел у святочных мерапрыемствах прынялі і работнікі сталовай: яны частавалі ўсіх апетытнымі беларускімі прысмакамі.
Ці можна адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы, калі не карыстаешся роднай мовай? Напэўна, не. І Міжнародны дзень роднай мовы таму пацвярджэнне.